Згодна са Статутам, Ватыканскае радыё — гэта радыёстанцыя Апостальскай Сталіцы з сядзібай у горадзе-дзяржаве Ватыкан, якая з’яўляецца прыладай камунікацыі і евангелізацыі на службе Намесніку св. Пятра. Радыё было заснавана Гульельмам Марконі і ўрачыста адкрыта Піем ХІ (Радыёпасланне “Qui arcano Dei”) 12 лютага 1931 г.
Галоўнай мэтай Ватыканскага радыё з’яўляецца свабоднае, вернае і эфектыўнае абвяшчэнне хрысціянскага паслання і злучэнне цэнтра каталіцтва з рознымі краінамі свету:
- праз перадаванне голасу і навучання Рымскага Пантыфіка;
- інфармуючы аб дзейнасці Апостальскай Сталіцы;
- расказваючы аб жыцці і дзейнасці Каталіцкага Касцёла ў свеце;
- натхняючы вернікаў ацэнваць сучасныя праблемы ў святле навучання Касцёла.
Акрамя таго Ватыканскае радыё забяспечвае супрацоўніцтва і дапамогу дыяцэзіям і Канферэнцыям Біскупаў у сферы радыёвяшчання.
Адным з галоўных заданняў Ватыканскага радыё з’яўляецца запіс, перадача і распаўсюджванне гуку з усіх афіцыйных мерапрыемстваў з удзелам Святога Айца ў Ватыкане, а таксама абарона права на інтэлектуальную ўласнасць адносна запісу голасу Рымскіх Пантыфікаў.
Генеральным дырэктарам Ватыканскага радыё з 5 лістапада 2005 г. з’яўляецца кс. Фэдэрыко Ламбардзі SJ.